Home
Home Home

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыi Панны кляштара бернардынцаў у Будславе пабудаваны ў 1767-1783 гг. (даты апублiкаваны яшчэ даваеннымi вiленскiмi гiсторыкамi мастацтва i пацвярджаюцца шматлiкiмi архiўнымi крынiцамi) пры гвардыяне Канстанцiне Пенсе. Да апошняга часу лiчылася, што ён жа быў i аўтарам праекта, аднак нядаўна супрацоўнiкам Iнстытута мастацтва Польскай Акадэмii навук Войцахам Баберскiм выказана абгрунтаваная гiпотэза, што на самай справе праект будслаўскага касцёла належыць Юзафу Фантана (1716 - перад 1773). Фантана належаў да вядомай сям'i варшаўскiх архiтэктараў, быў жанаты з сястрой Канстанцiна Пенса i даволi шмат працаваў на паўночным усходзе Беларусi (ён, у прыватнасцi, быў архiтэктарам унiяцкага Успенскага сабора ў Вiцебску i парафiяльнага касцёла ў Кублiчах). Няясная роля Пенса i як наглядчыка за ходам будаўнiчых работ у Будславе, таму што (ва ўсякiм разе на заключным этапе) па звестках кляштарнай хронiкi такую функцыю, здаецца, выконваў у 1778-1781гг. Ян Кадын (Joannes Kadyn), манах-архiтэктар з вiленскага бернардзiнскага кляштара («Architecto de Ordine nostro Observantium». Далейшыя архiўныя звесткi пра будаўніцтва і роспісы касцёла ўзяты пераважна з гэтай хронiкi.

ОПТЫКА

Будаўнiчыя работы ў iнтэр'еры былi закончаны ў 1781 г., а ў 1782 г. касцёл атынкавалі, пры гэтым ужо мелася на ўвазе далейшае маляванне «аптычных» алтароў. 7 верасня 1783 г. касцёл быў урачыста асвечаны бiскупам суфраганам Троцкiм Францiшкам Алойзам Гзоўскiм. У 1782 г. заключаны i, як можна меркаваць па тэксце хронiкi, рэалiзаваны кантракт з Казiмiрам Анташэўскiм, прыдворным мастаком мсцiслаўскага кашталяна Лапацiнскага, на маляванне аптычных (iмiтуючых архiтэктуру) алтароў: галоўны алтар - (коштам 80 злотых), алтар св. Францішка (за 70 злотых), алтар Укрыжаванага Езуса (за 70 злотых), алтары св. Антонiя i св. Ганны (за 40 злотых), алтары св. Барбары, св. Юзафа i св. Тадэвуша (за 20 злотых). Алтар св. Казiмiра, свайго нябеснага апекуна, Анташэўскi паабяцаў зрабіць бясплатна. У тым жа годзе мастаку выплацілі 280 злотых, што сведчыць пра выкананне кантракту ў поўным аб'ёме. Алтары працы Анташэўскага згадваюцца ў iнвентарах 1827 г., 1837 г., 1839 г., 1851 г. i 1929 г. Згодна з iнвентаром 1837 г. усе алтарныя карцiны бакавых алтароў (апрача Укрыжаванага Езуса) былi намаляваны на палатне i змяшчалiся ў пазалочаных рамах. Вiдавочна, у гэты час абраз на палатне закрываў i фрэску ў алтары св. Францішка. Увесь комплекс «аптычных» алтароў захаваўся да нашага часу (здаецца, без пазнейшых перамалёвак).

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Другая група роспiсаў у тэхнiцы грызайля («Крыжовы Шлях Збаўцы» ў прамавугольных ляпных рамах i размешчаныя пад імі адзiночныя фiгуры апосталаў на бакавых сценах i пiлонах) выканана каля 1801 г. не названым па iменi мастаком, аб чым ёсць запiс у хронiцы: «8 мая 1801 г. за абразы на муры - маляваныя стацыi i апосталаў мастаку i архiтэктару ўсiх гэтых твораў заплачана 200 злотых». Тэкст сведчыць пра ўдзел у працы двух майстроў - мастака i архiтэктара; апошнi, вiдавочна, перш за ўсё вызначыў кампазiцыйнае размяшчэнне сюжэтаў у iнтэр'еры i задаў іх агульныя памеры.

Сцэны Крыжовага Шляху Хрыста пачынаюцца ад правага боку галоўнага алтара і ідуць уздоўж бакавой навы ў накірунку да выхаду, як бы па ходу сонца. З імі прасторава звязаны самастойны паралельны рад апосталаў, так стацыі І (Хрыстус перад Пілатам) суседнічае апостал Павел, стацыі ІІ - невядомы апостал. На сценах паўднёвай навы, справа ад алтара св. Казiмiра, - «Невядомы апостал», уверсе - стацыя III (Падзенне пад крыжам), за алтаром св. Барбары - «Апостал з сякерай» (Мацвей?), уверсе - стацыя IV, на бакавых сценах трансепта ў нiшах паказаны евангелiст Ян і Ян Хрысцiцель (сядзіць на тумбе, засланай вярблюджым футрам).

Кальварыйскі цыкл працягваецца на сценах паўночнай навы, пачынаючы ад уваходу: справа ад алтара св. Тадэвуша - «Невядомы апостал», над iм - стацыя V, на бакавых сценах трансепта, абапал алтара Езуса, - «Евангелiст Марк», «Евангелiст Лука»), над апошнiм - стацыя VI, злева ад алтара св. Юзафа, у нiшы з паўцыркульным завяршэннем, - «Апостал Андрэй», над iм - стацыя VII. Далей, за алтаром св. Антонiя, - «Апостал Варфаламей» (над iм - стацыя VIII) i «Апостал Сымон». Чатыры стацыі (VІІІ-ХІІ) і, адпаведна, апосталы намаляваны на міжнававых слупах.

ЦУДЫ

Сюжэт цудаў абраза Мацi Божай.
Папа Клімент VIII дорыць абраз Маці Божай Яну Пацу.
Да гэтай «грызайлевай» групы ў стылёвых адносiнах наблiжаюцца восем сюжэтаў роспiсаў над міжнававымі аркамi на тэмы цудаў будслаўскага абраза Мацi Божай. У кляштарнай хронiцы пра iх маецца толькi згадка як пра ўжо засведчаныя ў iнвентары 1822 г. Абраз, які цяпер знаходзiцца ў галоўным алтары і ў апошнія гады зноў атрымаў шырокае прызнанне, быў прывезены з Рыма ў 1598 годзе мiнскiм ваяводам Янам Пацам i пасля яго смерці падараваны будслаўскаму кляштару, дзе ён хутка праславiўся цудамi i стаў адным з найбольш вядомых у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. У 1650 г. гвардыян кляштара Элеўтэры Зеляевiч надрукаваў у Вільні кнiжку «Zwierzyniec na ziemi niebieski...» з апiсаннем гiсторыi абраза i яго цудаў. Верагодна, гэтая кнiжка, а таксама вусныя цi запiсаныя гiсторыi складаюць лiтаратурную аснову разглядаемай групы роспiсаў. Канкрэтызаваць сюжэты досыць цяжка, таму што ўсе яны апавядаюць пра ацаленні ад той цi iншай хваробы з дапамогай малiтоўнага звяртання да абраза i не вылучаюцца кампазiцыйнай разнастайнасцю. Абмежаваныя зверху i з бакоў прамымi рамамi, унiзе сцэны маюць паўцыркульную форму, на сярэдзiне шырынi кампазiцыя сiметрычна падзелена кругам з разеткай папалам на два самастойныя сюжэты. Такім чынам праiлюстраваныя 16 гiсторый цудаў абраза. Кампазiцыі сцэн аднатыпныя: у самым версе, на воблачку, паказаны цудатворны будслаўскі абраз, перад якiм у малiтоўным пакланеннi застылi людзі рознага стану i ўзросту. З гэтага шэрагу выдзяляецца сцэна, на якой паказана атрыманне абраза мінскім ваяводам Янам Пацам ад папы Клімента VІІІ у Рыме. Неабходна адзначыць добрае майстэрства ілюзіяністычнага жывапісу: малюнкі ствараюць уражанне мармуровых рэльефаў.

КУПАЛ

Інвентар 1822 г. сведчыць, што быў размаляваны i купал на скрыжаваннi галоўнай навы i трансепта, схаваны пад дахам: «пасярод касцёла купал, пад дах вынесены, увесь у шэры колер з выявай Унебаўзяцця Мацi Божай у акружэннi анёлаў. Нiжэй па вуглах гэтага купала (на ветразях - А.М.) - чатыры евангелiсты з сiмваламi». Незразумелая наяўнасць, згодна з iнвентаром, у роспiсах двух груп евангелiстаў - у купале i ў паўночнай наве. Найбольш лагічным уяўляецца тлумачэнне, што купал быў размаляваны раней за 1801 год. Няма звестак пра тое, калi роспiсы купала былi забелены цi затынкаваны (безумоўна, варта было б пры рэстаўрацыі зрабiць пробныя раскрыццi).

Мастак Казiмiр Анташэўскi - пакуль што невядомая фiгура ў гiсторыi беларускага мастацтва. «Slownik artystow polskich» са спасылкай на віленскую перыёдыку сярэдзіны мінулага стагоддзя падае iмя Антонiя Анташэўскага - мастака, верагодна, ХVІІІ ст., адзначанага як стваральнiка роспiсаў у мінскім катэдральным касцёле. «Роспiсы тыя спачатку адноўлены Валасевiчам, былым настаўнiкам Вiленскай гiмназii. Рэстаўратар дакампанаваў арнаментальныя роспiсы на сценах i фiлярах. У сярэдзiне ХІХ ст. абразы аднавiў вельмi пасрэдны мастак Таргонскi». Аб размаляваннi скляпенняў катэдры ў 1798-1800 гг. па заказе бiскупа Якуба Дадэркi мiнскiм мастаком Антажэўскiм са слоў Адама Шэмеша пiсаў Уладзіслаў Сыракомля ў вядомым нарысе пра Мiнск: «усе скляпеннi ва ўсiх трох навах ён (Дадэрка - А.М.) загадаў замаляваць карцiнамi i сiмваламi з Новага Запавету, сярэдзiну займае купал з калонамi, але яны так невыразна адмаляваны, што нi на кога не робяць нiякага ўражання. Усе гэтыя малюнкi на сценах выканаў мастак Антажэўскi, найлепшы на той час у Мiнску». Уладзіслаў Сыракомля таксама паведамляе, што Антажэўскi выканаў адзiн з абразоў «Крыжовага Шляху Хрыста», паўтарыўшы кампазiцыю i каларыт Дамiнiхiна.

АНТАШЭЎСКІ

У нядаўна выдадзеным М. Радванам апісанні Мінскай дыяцэзіі паведамляецца, што ў паезуіцкім касцёле св. Тадэвуша апостала коштам Тадэвуша Ваньковіча, падчашага мінскага і калятара касцёла, сцены і пяць алтароў былі пакрыты маляваннем «на оптыку» аўтарства Анташэўскага, які пакінуў пасля сябе многа роспісаў, у асноўным фрэсак, у розных касцёлах Мінскай дыяцэзіі. У галоўным алтары знаходзілася скульптура «Укрыжаванне», у бакавых - абразы «Звеставанне», а таксама абразы св. Антонія, св. Ганны і св. Тадэвуша. Хрысцільня і гроб Хрыста таксама былі выкананы «на оптыку». На жаль, нядаўна лучайскія роспісы былі цалкам перамаляваныя. Як гаварылася вышэй, аўтар тэкста пра Будслаў у «Гiсторыi беларускага мастацтва» (Л. Лапцэвiч) прыпiсвае будслаўскiя фрэскавыя алтары працы А. Анташэўскага.

Сцiплыя архiўныя i лiтаратурныя крынiцы не дазваляюць пакуль што ўстанавiць, цi маем мы справу з рознымi мастакамi аднаго прозвiшча (магчыма, сваякамi), цi гэта адзiн i той жа Анташэўскi фiгуруе пад рознымi імёнамі. Дзіўна, што «найлепшы ў Мiнску мастак» застаўся невядомым Эдварду Раставецкаму, аўтару першага «Słownika malarzów polskich» (Warszawa, 1850). Аднак нядаўна Ул. Дзянісаву пашчасціла знайсці архіўную звестку пра хрышчэнне ў 1825 г. у мінскай катэдры мастаком Казімірам Анташэўскім сына, што пацвярджае яго мінскую прыналежнасць і імя, вядомае з хронікі кляштара.

Для iдэнтыфiкацыi асобы Анташэўскага ўяўляецца каштоўнай iнфармацыя з кляштарнай хронiкi пра тое, што ён быў мастаком пры двары пана Лапацiнскага, мсцiслаўскага «капiтана» (найчасцей так называлi на лацiне кашталянаў). Сярод досыць разгалiнаванага роду Лапацiнскiх няма мсцiслаўскiх кашталянаў, хоць iх радавы маёнтак Лапацiна знаходзiўся ў Мсцiслаўскiм ваяводстве; два з iх у канцы ХVІІІ ст. былi мсцiслаўскiмi старостамi, а ў Княстве Лiтоўскiм старосты мелi годнасць нават ваяводы. З 1772 г., як вядома, Мсцiслаўскае ваяводства было ўжо далучана да Расiйскай iмперыi, i апошнi мсцiслаўскi староста (з 1767 г.) кавалер ордэна св. Станiслава i Белага Арла Ян Нiкадзiм Лапацiнскi (1747-1810) захаваў свой тытул пажыццёва. Ён быў двойчы жанаты (з Аленай i Юзэфай Агiнскiмі), апрача дзедзiчнага маёнтка Дрысвяты, набыў двор Шаркоўшчыну. Вядома, што там у пачатку ХІХ ст. штыхавалi гравюры з выявамi святых, пазней дошкi знаходзiлiся ў лагойскiх зборах Тышкевiчаў. Таму, магчыма, Казiмiр Анташэўскі ў час малявання будслаўскiх роспiсаў жыў якраз у недалёкай ад Будслава Шаркоўшчыне. Падобна да таго, што пазней ён пераехаў у Мiнск - магчыма, пасля смерці свайго апекуна Яна Нікадзіма Лапацінскага (1810 г.). Калі Казіміру Анташэўскаму належаць усе будслаўскія роспісы, то нельга не заўважыць стылёвыя перамены ў яго працы. Магчыма, мы маем справу з працай двух мастакоў.

У любым выпадку шматслойны комплекс роспiсаў будслаўскага касцёла з'яўляецца без перабольшання унiкальным па захаванасцi сярод твораў беларускага манументальнага жывапiсу i надзвычай цiкавы ў гiсторыка-мастацкiх адносiнах як помнiк пераходнай ад барока да класiцызму эпохi.

Выкарыстаны матэрыялы з артыкулу
Аляксандра Ярашэвіча
Роспісы Будслаўскага касцёла// Наша вера. 2001 №16, 2.
Фота М. Мельнікава

Пачатак старонкі

Copyright (c) 2001 - «Pro Christo»

Rating All.BY Белорусский каталог BelResource