Home
Home Home

Маці Божая Будслаўская. XVII ст.
В. Будслаў. Мядзельскі р-н.
Абраз Маці Божай Будслаўскай. XVII ст. (адварот)

У па-бернардынскім касцёле ў Будславе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, шырока вядомы ў XVII–XVIII стагоддзях. Аднаўленне яго культу адбываецца ў наш час. У Будзе з 1589 г. Існавалі касцёл і кляштар бернардынцаў. Тут у 1613 г. знаходзіўся абраз, пазней двойчы перанесены ў новазбудаваныя каменныя касцёлы. Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме Папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці Паца (1610 г.) абраз застаўся яго капеляну ісаку Салакаю, пазней – даўгінаўскаму вікарыю. У 1613 г. Салакай, які быў у Будславе ў вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама просьбай айцоў, ахвяраваў абраз касцёлу «і там у законе св. Францішка сваё жыццё закончыў».

Змешчаны ў драўляным касцёле, абраз адразу стаў карыстацца пакланеннем простага люду, праславіўся цудамі і ласкамі і ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар замест ранейшага абраза «Наведзінаў Марыяй Альжбэты» (БАН Літвы, F. 18–170, л. 47.). Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі» (Вільня, 1650). Аўтар адзначае, што сведчанні на паперы аб ласках абраза былі прыклеены на сцены драўлянага касцёла і пры яго разборцы многія пашкодзіліся. (Sanktuarium na Białorusi Budsław. Opr. ks. magistr Wł. Zawalniuk. Mińsk, 1993. С.11.) Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 г. – вяртанне зроку 5-гадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым ксяндзом – кармэлітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад падучай хваробы, якая мучыла яго сем гадоў. Зеляевіч апісаў 42 цудоўныя аздараўленні і эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна Кішкі, вялікага гетмана і полацкага ваяводы. Ранены ротмістр трапіў у маскоўскі палон у 1632 г. І змог шчасліва вярнуцца дзякуючы шлюбу перад абразом яго таварыша Лукаша Уладоўскага. Магчыма, таму Ян Кішка стаў разам з віленскім прыёрам Фларыянам Калецкім і сямействам Долмат-Iсайкоўскіх адным з фундатараў мураванага касцёла (1633–1643 гг.). Для змяшчэння цудатворнага абраза майстрам Пятром Грамелем у 1649 г. быў выразаны выдатны алтар, які захаваўся да нашага часу. Тады ж бернардынцамі – злотнікамі Геранімам Плонскім і Бенедыктам Росманам выкананы срэбраныя аздобы святыні – сукенка і ажурная рама. (Maria Kałamajska-Saeed. Ołtarz w Budsławiu//Niderlandyzm w sztuce Polskiej. Warszawa, 1995. S.444.) У час нашэсця войск цара Аляксея Міхайлавіча абраз вывозіўся ў Саколку (на Падляшшы), адкуль вярнуўся ў 1665 г. (Sanktuarium…с.25)

Абраз згадваецца ў кнізе А. Каяловіча аб літоўскіх святынях (1650), а таксама ў еўрапейскіх кампендыумах В. Гумпенберга (Atlas Marianus, 1657 i 1672) і Г.Шэрара (1702). Неназваныя кнігі пра абраз пералічаны ў вопісе кляштарнай бібліятэкі за 1822 г. Тут у гэты час яшчэ захоўвалася рукапісная кніга цудаў Маці Божай Будскай, а таксама тры гравёрныя дошкі з выявай абраза.

Прафесар Раймундус Пятровіч у 1818–1825 гг. друкаваў у Будславе песні аб Найсвяцейшай Панне Марыі і штыхаваў яе абразкі. Будслаўскі абраз карыстаўся шанаваннем найперш у літоўскай правінцыі бернардынцаў, у некаторых касцёлах асобныя алтары былі прысвечаны Маці Божай Будскай (напрыклад, у Магілёве). Са скасаваннем ордэна бернардынцаў касцёл застаўся парафіяльным, але прапаганда культу абраза аслабла. Тым не менш, у міжваенных «Каталогах Віленскай дыяцэзіі» сярод 10 касцёлаў з цудадзейнымі абразамі Маці Божай згаданы і будслаўскі. У наш час Маці Божая Будслаўская становіцца агульнабеларускай святыняй, сведчаннем чаго з'явілася каранацыя абраза 2 ліпеня 1998 г. З 1992 г. адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў.

Абраз намаляваны алеем на палатне, нацягнутым на дошку памерам 72 х 65 см, рэстаўраваны ў 1991–1992 гг. В.Лукашэвічам (на адвароце дошкі змешчаны надпіс з вельмі каштоўнымі звесткамі аб гісторыі абраза і алтара). Іканаграфія тыпу Адзігітрыі, але трактаваная свабодна, у духу італьянскага Рэнесансу. Маці Божая намаляваная па пояс, у чырвонай сукні, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавым шлякам. Твар з правільнымі рысамі, мадэліроўка аб'ёму святлоценявая, левая палова ў глыбокім ценю. Дзіця на левай руцэ ў свабоднай позе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнуты да Маці: правая благаслаўляе, а левай Езус нібы падае Маці плод граната, шматзначны сімвал вечнага жыцця, а таксама Касцёла, шматлікіх вернікаў якога ўвасабляюць зярняткі (J.C.Cooper. Lexikon alter Symbole. Leipzig, 1986). Твар прыгожы, з тонкімі рысамі, позірк скіраваны да гледача. Фон высветлены, салатава-шэрага адцення, німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі промнямі.

На абразе – срэбраная шата, арнаментаваная свабодна раскіданымі кветкамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз абкладзены срэбранай рамай з арабескавым арнаментам у стылі позняга Рэнесансу, у які ўпісаны фігуры св. Казіміра і, магчыма, св. Ядвігі. Усё гэтае аздабленне належыць да лепшых узораў злотніцкага майстэрства на Беларусі.

Можна было б спадзявацца, што копіі цудадзейнага абраза існавалі перш за ўсё у наваколлі Будслава. Аднак тыя абразы, якія дайшлі да нашага часу, знаходзяцца досыць далёка ад знакамітага бернардынскага кляштара. У неагатычным касцёле св. Уладзіслава ў Суботніках (на Гродзеншчыне) захаваўся абраз Маці Божай Будслаўскай ХVІІІ ст., намаляваны алеем на палатне, магчыма, з папярэдняга касцёла 1774 г. Не выключана, што абраз маляваўся непасрэдна з прататыпу: у ім досыць добра перададзены абліччы Марыі і Дзіцяці, хоць ёсць нязначныя адхіленні ў жэстах рук. Масіўны контур фігур і выраз твараў сведчыць аб мясцовай перапрацоўцы італьянскага прататыпу. На абразе няма ні металічнай шаты, ні каронаў – прыкметаў шанавання, ён невялікага памеру. Не выключана, што абраз паходзіць з якой-небудзь маёнткавай капліцы.

Выкарыстаны матэрыялы з артыкулу
Аляксандра Ярашэвіча
Цудадзейны і старажытны// Наша вера. 2001 №16, 2.
Фота М. Мельнікава

Пачатак старонкі

Copyright (c) 2001 - «Pro Christo»

Rating All.BY Белорусский каталог BelResource