Home
Home Home

БРЭВЕ
Святога Айца Яна Паўла ІІ:

Найсвяцейшая Панна Марыя - вобраз Касцёла, ранішняя зорка адроджанага праз ласку роду чалавечага, прыклад і трывалая надзея для ўсіх, хто імкнецца да Нябеснага Валадарства Ерузалем, святло ўсходу. Таму на працягу стагоддзяў Касцёл няспынна выпрошваў дапамогу Маці Божай, гучна праслаўляў Яе цноты.

Паколькі шаноўны наш брат кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі лістом ад 19 сакавіка, у якім змешчаны просьбы духавенства і вернікаў, выказвае пажаданне, каб ад нашага імя і нашым высокім аўтарытэтам шляхетная карона магла быць ускладзена на адораны ласкамі абраз Багародзіцы, які ў касцёле Маці Божай Унебаўзятай у мястэчку Будслаў карыстаецца глыбокаю пашанаю, хочам да гэтай пабожнай просьбы добразычліва аднесціся. Таму, беручы пад увагу ўсе тое, чым Кангрэгацыя Божага культу і сакрамэнтаў сілаю атрыманых ад нас паўнамоцтваў у гэтай справе валодае, моцаю нашае апостальскае ўлады дазваляем іерарху, які нас просіць, каб на вышэйзгаданы абраз ад нашага імя і нашаю ўладаю ён урачыста ўсклаў каштоўную карону. Маем моцную надзею, што марыйны культ сярод людзей паўплывае на ўзрастанне веры і хрысціянскага жыцця. Ніякія іншыя законы не могуць гэтаму перашкодзіць

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, з пячаткаю Рыбака 7 чэрвеня 1995 года на семнаццатым годзе нашага пантыфікату.

Кардынал Анджэло Садано,
Сакратар Стану.
Абвешчана 2 ліпеня 1998 г. у Будславе


Надыходзіць урачысты момант: кардынал Казімір Свёнтэк прымацоўвае папскія кароны да Твайго абраза, Маці Божая Будслаўская, і абвяшчае, что малой базыліцы ў Будславе надаецца тытул санктуарыя Марыі нацыянальнага значэння! Гэта азначае, што Ты, Маці Божая Будслаўская, з'яўляешся цяпер апякункай усёй Беларусі.

Сталася. Зрэшты, так яно і было. Бо калі б Ты, Маці Божая Будслаўская, не была нашай апякункай усе гэтыя гады, хіба ішлі б мы штогод з розных куточкаў Беларусі з песнямі ды малітвамі напрыканцы чэрвеня да падножжа Твайго алтара ў Будславе? Хіба хапіла б сілы ў пяцігадовай Веранікі прайсці 150 кіламетраў пілігрымскага шляху ажно ад сценаў старажытнага Полацка да самага Будслава? Калі б ты ўсе гэтыя гады не несла палёгкі і суцяшэння змучаным ды прыніжаным засіллем атэізму людзям, хіба яны ў тыя змрочныя гады шукалі б у Цябе паратунку? А было ж… Было, калі хтосьці, праехаўшы альбо прайшоўшы доўгі шлях, душыўся слязьмі крыўды, бо не мог пераступіць парогу Тваёй святыні, на дзвярах якой вісеў цяжкі замок. Ды людзі не адступаліся, бо бясконца верылі ў Тваю, Маці, падтрымку, спагаду, дапамогу. Не могучы ўвайсці ў святыню, яны маліліся каля яе сценаў, а то і воддаль - у парку. У тым самым парку, вакол якого цяпер праходзяць урачыстыя працэсіі. А колькім людзям Ты вярнула фізічнае здароўе! Твая гаючая вада, па якую людзі ехалі за сотні і сотні кіламетраў, суняла не адзін боль, загаіла не адну рану, прынесла палёгку не аднаму цяжкахвораму чалавеку.

Шмат гадоў, цэлыя доўгія стагоддзі людзі нашай зямлі клічуць Тваёй абароны, прыбягаюць пад Тваю апеку і знаходзяць чаканае суцяшэнне. Высокую каштоўную карону Ты заслужыла, Маці Божая Будслаўская, сваёй шматгадовай апекай над нашым збалелым краем. Таму такія зразумелыя воплескі, што ўсчаліся на пляцы перад Тваёй святыняй пасля таго, як папскія кароны ўвянчалі Твой святы абраз. Зразумелыя шчырыя слёзы радасці на вачах многіх і многіх вернікаў, што прайшлі доўгія пілігрымскія шляхі-дарогі, праехалі шмат кіламетраў, каб удзельнічаць у гэтай вялікай гістарычнай падзеі. І якія ж патрэбныя былі словы ўдзячнасці і абяцання быць годнымі дзецьмі сваёй Нябеснай Маці, што прагучалі з вуснаў Яго Эмінэнцыі, кардынала Казіміра Свёнтка.

- Маці Божая Будслаўская! Наша Пані і Каралева! Мы, Твае падданыя, пакорна схіляючы перад Табою галовы, абяцаем Табе, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збавіцелю, вернымі Табе і Касцёлу! З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, моладзь, дарослых, а асабліва хворых, церпячых, слабых, адзінокіх, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбна дапамога, падтрымка і абарона. Апякунка наша! Каралева наша! Дапамагай нам! Кіруй намі! Вазьмі нас пад сваю апеку.

Нізка схіліўшы галовы, мы просім у Маці Божай Будслаўскай апекі над намі. Але кожны, хто прыязджае альбо прыходзіць 2 ліпеня ў Будслаў, разумее і тое, што клапатлівага догляду патрабуе і сама святыня. Менавіта дзеля гэтага яна перададзена Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам пад апеку айцоў бернардынаў, якія пасля доўгага перапынку зноў вярнуліся ў Будслаў, аднавілі тут свой законны дом і са згоды кардынала ўзяліся апекавацца Будслаўскай святыняй. Таму гвардыяну гэтага законнага дома нададзены тытул кусташа санктуарыя Марыі ў Будславе, які ў сваёй клятве абяцаў дбаць аб Яе святыні і пашыраць культ Маці Божай Будслаўскай сярод людзей нашай зямлі.

Вось і каранаваная Ты, Маці Божая Будслаўская! Цябе, якую мы звыкліся называць Матачкай, цяпер называюць Каралевай Беларусі. Але ж матчына сэрца заўсёды застаецца матчыным, якія б ганаровыя тытулы яму не надавалі. І яно заўседы будзе любіць сваіх дзяцей: шчаслівых і няшчасных, бедных і багатых, гаротных і вясёлых. Мы ўсе застаёмся навечна Тваімі дзецьмі, Маці Божая Будслаўская. Дык жа ахоўвай і аберагай нас як сваіх дзяцей. І няхай нашыя сэрцы заўсёды будуць адданыя Табе, нашай Нябеснай апякунцы і Маці!

Ірына Жарнасек
Фота А. Кляшчука

Пачатак старонкі

Copyright (c) 2001 - «Pro Christo»

Rating All.BY Белорусский каталог BelResource