Home
Home Home

ГАЛОЎНЫ АЛТАР


 
Галоўны алтар будслаўскай базылікі створаны ў 1784–1790-я гг. у стылі класіцызму – 4 белыя калоны з пазалочанымі карынфскімі капітэлямі нясуць багата аздоблены ляпнінай фрыз, на якім месціцца картуш з малюнкам лодкі св.Пятра ў атачэнні пуццяў. Пад картушам надпіс: «Тваёй абароне аддаемся, Святая Маці Божая».

Галоўны алтар намаляваны на плоскай сцяне прэзбiтэрыя. Ён уяўляе з сябе iлюзiянiстычную перспектыўную выяву паўцыркульнай у плане апсiды з двух'ярусным архiтэктурным


прысценным алтаром, у цэнтры якога ў нiжнiм аконным праёме (згодна з iнвентаром 1822 г.) знаходзiлася драўлянае «Укрыжаванне» (не выключана памылка вiзiтатара, таму што ў iнвентары 1837 г. - «у акне нiжнiм Езус на крыжы»). Цяпер разьбянае «Укрыжаванне» размешчана ў праёме другога яруса, а ўнiзе - паўтор на палатне фрэскавай кампазiцыi з алтара Укрыжаванага Езуса на паўночнай сцяне.

СТАРАЖЫТНЫ АЛТАР

У перспектыўна разгорнутых крылах алтара, у васьмі бакавых нішах устаноўлены фігуры прарокаў Старога Запавету і постаці, звязаныя з паходжаннем Марыі. У цэнтральных нішах знаходзяцца фігуры караля Давіда і прарока Аарона. У нішах левага крыла алтара, акрамя караля Давіда, устаноўлены ў наступным парадку: св. Юзаф, святар Захарыя і св. Яўхім. У нішах правага крыла алтара акрамя Аарона змешчаны фігуры св. Яна Хрысціцеля, св. Альжбеты, св. Анны. Аналізуючы логіку парадку прадстаўленых фігур, можам меркаваць аб суадносінах постацяў, якія знаходзяцца на супраць адно аднаго. Найбліжэй да алтара знаходзяцца бацькі Марыі св. Яўхім і св. Анна, потым бацькі св. Яна Хрысціцеля - Захарыя і св. Альжбета. Побач з св. Альжбетаю знаходзіцца Ян Хрысціцель, які змешчаны насупраць св. Юзафа. Фігуры продкаў Марыіі "па мужчынскай лініі", а менавіта св. Яўхіма і караля Давіда былі ўстаноўлены ў левым ад гледача крыле, але ў правым паводле геральдычнай сістэмы. Над постацямі ў нішах змешчаны картушы з імёнамі на польскай мове. На карнізах крылаў алтара ўстаноўленыя фігуры апекуноў Польшчы і Літвы: св.Станіслава, біскупа, і св.Казіміра, каралевіча, а таксама двух святых законнікаў францішканаў: св. Бернарда з Сіены (з кнігаю) і св. Францішка з Асізі (з палаючым сэрцам на далоні). На самым версе алтара па баках устаноўлены два апосталы: св. Пётр і св. Павел. Чатыры анёлы, якія кленчаць на карнізах крылаў алтара, трымаюць у далонях кадзільніцы і ліхтары, а яшчэ два на разарваным франтоне каля рэтабла ўшаноўваюць цэнтральны абраз у алтары (раней гэта быў абраз Маці Божай з Дзіцяткам, цяпер - абраз Укрыжавання Езуса).

План алтара.
Архітэктанічная кампазіцыя алтара трохчасткавая. Просты, у форме скрыні, алтар з невялікімі калонамі па вуглах, а таксама аздобленая разьбой прэдзела - падстава рэтабла, уціснуты паміж разгорнутымі ўбакі крыламі на глыбіню двух праслаў. На алтары - сціплы табернакулюм. Алтарнае рэтабла двух'яруснае. Ніжні асноўны ярус з разарванымі франтонамі на вуглах, мае пасярэдзіне шырокую квадратную нішу з дзвюмя калонамі па баках, у абрамленні з вушакамі. У нішы абраз Укрыжавання Езуса, па краях - гермы, якія падтрымліваюць карынфскія капітэлі. Ніжнія часткі гермаў пераходзяць у лістава-валютавыя формы з гронкамі пладоў. Верхні ярус рэтабла, вузейшы і ніжэйшы, абнесены па баках карынфскімі калонамі, што завяршаюцца над карнізам разарваным франтонам, які ў сваю чаргу накрыты валютамі. Верхні ярус завяршае разьба - сэрца ў цярнёвым вянцы на фоне промняў, як працяг абраза Маці Божай Балеснай у верхнім ярусе рэтабла. Разное сэрца ў цярнёвым вянцы падтрымліваюць сваімі галовамі анёлы, якія сядзяць на хмарах. Гэтае сэрца, як і абраз Маці Божай Балеснай (занадта вялікі, не ўпісаны ў архітэктурныя падзелы), маюць познебарочны характар.

Верхняя і бакавая часткі
левага крыла алтара.
Асаблівую цікавасць выклікае структура крылаў па баках алтара. Адносна рэтабла яны ўстаноўленыя пад вуглом 135. Крылы дасягаюць паловы вышыні ніжняга яруса рэтабла з нішай для цудатворнага абраза. Вышыня крылаў паступова павялічваецца пры руху ад цэнтра наперад, таму антаблемент нахілены на 14. Калі вышыня крылаў ад фронту складае 3,47 м, то каля рэтабла яна змяншаецца да 2, 96 м. Таксама вышыня калонаў і вышыня антаблемента паступова памяншаецца, звужаецца таксама шырыня нішы паміж калонамі. Аднак не зусім паслядоўна змяншалі вышыню калонаў. Тры пары калонаў, бліжэйшых да рэтабла, маюць розную велічыню (1,90, 1,42, 1,10 м). Базы калонаў, як і антаблемент, знаходзяцца на лініі з нахілам 27, толькі у адваротным накірунку. Перспектыўныя лініі антаблемента і без калонаў амаль дакладна сыходзяцца пасярэдзіне галоўнага абраза. Аднак зусім малая розніца ў вышыні калонаў, якія акружаюць першыя нішы бакавых крылаў (2,16 і 1,90 м), хоць таксама была спроба зазначыць гэту розніцу вышэйшым плінтам у базе другой калоны. Памяншэнню вышыні калонаў і звужэнню шырыні нішаў адпавядае памяншэнне вышыні конхаў і фігур. У ніжэйшых нішах, паколькі яны прымыкаюць да алтара, скульптуры не маюць пукляваных кансоляў. Разгорнутасць крылаў алтара і паступовае памяншэнне вышыні так было запланавана, каб выклікаць уражанне большай глыбіні і каб стварыць перспектыўную алею з калонамі і статуямі, якая вядзе позірк вернікаў да цудатворнага абраза Мадонны з Дзіцяткам.

Алтар і рэтабла
цудатворнага абраза.
З упэўненасцю можна зазначыць, што кампазіцыя алтара ў Будславе, якая не мае аналагаў у сакральнай архітэктуры Літвы і Польшчы, была задумаю архітэктара, які раней меў дачыненне да тэатральнай, паратэатральнай сцэнаграфіі. Крыніцу інспірацыі для будслаўскага алтара трэба шукаць у італьянскім мастацтве, як гэта правільна падказаў Аляксандр Ярашэвіч. Праўда, прыклад Scala Regina Берніні ў ватыканскім палацы не можа быць выкарыстаны ў гэтым выпадку, бо ён створаны пазней (1663-1666), але агульны накірунак пошукаў слушны. Трэба памятаць, што канцэпцыя ілюзіі глыбіні, дзякуючы выкарыстоўванню перспектыўнага падыходу, мае ў Італіі яшчэ рэнесансавую традыцыю. Спачатку яна знайшла прымяненне ў тэатральнай сцэнаграфіі, дзе прататыпам былі гравюры ў ІІ кнізе трактату Себасцьяна Серліо, прысвечанаму перспектыве (І-е выданне ў Парыжы 1545 г.). Толькі ў ХVІІ стагоддзі, у барочным мастацтве, якое прыносіла асалоду праз тэатральныя эфекты, аптычная ілюзія прасторы шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры свецкіх і сакральных інтэр'ераў, а нават урбаністыцы.

Непасрэднай крыніцай інспірацыі для праектавання алтара ў Будславе сталі гравюры, якія прадстаўляюць "архітэктанічнае вынаходніцтва" Мантаны. Значэнне ўзораў Мантаны для мастацтва барока ў Польшчы таксама паступова выяўляецца, прыкладам чаго з'яўляецца незвычайны праект касцёльна-кляштарнага комплекса бернардынцаў у Луцку з другой чвэрці ХVІІІ стагоддзя.

Стваральнік алтара ў Будславе - невядомы да гэтага часу архітэктар, чэрпаў натхненне ў кнізе Мантаны, якая называлася "Scielta d. varii Tempietti antichi", што выдаў Дж. Б. Сор'я ў Рыме ў 1624 годзе. Асабліва цікавыя тры віды. На 1 грав. прадстаўлена Tempio antico nella via Labicana пад Рымам, як сведчыць тлумачэнне, далучанае да збору твораў Мантаны з 1691 года. Да святыні з паўколавым планам, а менавіта ў форме эксэдры, прымыкае паглыблены фасад, які мае таксама форму эксэдры, толькі адкрытай. Да сярэдняй часткі фасада, з верхнім простым ярусам, увенчаным трыма франтонамі, прымыкаюць два ніжэйшыя дадаткі, выгнутыя, як бакавыя крылы, у чвэрць кола. Распрацоўка гэтых крылаў з калонамі і конхавымі нішамі, занятымі фігурамі, нагадвае алтар у Будславе. Хоць знешняя эксэдра на гравюры Мантаны, мяркуючы па плане, адносна плоская, але крылы ствараюць уражанне значна большай глыбіні, дзякуючы паступоваму іх памяншэнню. Двухкалонны партал на сярэдзіне фасада ніжэйшы, чым галоўнае прасла крыла, гэта стварае ўражанне большай аддаленасці, а ўвесь фасад выглядае больш манументальна. Параўноўваючы алтар у Будславе з гравюраю Мантаны, узнікае аналогія суадносінаў крылаў з рэтаблам, таксама плоскім, двух'ярусным, хоць і аднавосевым. Праўда, крылы алтара, хоць і разгорнутыя, але прамыя, а калоны ўпрыгожаны канелюрамі; крыху іншае таксама завяршэнне галоўных праслаў.

На пытанне, хто мог быць аўтарам праекту алтара ў Будславе, адказ можа быць толькі адзін: прафесіянальны архітэктар, які займаўся таксама тэатральнай сцэнаграфіяй, а менавіта з кола каралеўскага двара Уладзіслава IV.

У будслаўскім алтары адзначыўся сваёй індывідуальнасцю разьбяр Пётр Грамель. Ён адлюставаў гэта не толькі ў выразнай фігурнай разьбе, але таксама ў арнаментыцы, поўнай фантазіі. Сведчаць аб гэтым: дэкаратыўная прэдзела з матывамі ільвоў, а таксама багатыя арнаментальныя кампазіцыі на фрызе анаблемента. Таксама да яго інспірацыі можна залічыць дэкарацыю ствалоў калонаў у выглядзе дробна рыфлёных ліштваў "у ваду", якія замяняюць канелюры. Гэты маньерыстычны - адносна класічнай формы - матыў бярэ свой пачатак у нідэрландскім мастацтве, на што звярнулі ўвагу беларускія даследчыкі і Марыя Каламайская-Саед. Незвычайны матыў гермаў, якія падтрымліваюць капітэлі пры сярэднім абразе, напэўна, быў ўзяты Грамелем з алтара Святога Крыжа ў трасепце нясвіжскага касцёла езуітаў, выкананага ў Падуі ў 1583-1586 гг. па замове Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Аб прыналежнасці будслаўскага алтара да ранняга барока і эпохі Вазаў сведчыць таксама спалучэнне фарбаў, таму што спалучана ў ім чарната архітэктурнай структуры з пазалотаю фігураў, капітэляў і арнаментаў.

Спалучэнне ў будслаўскім алтары праекту італьянскага архітэктара з выкананнем мясцовага, беларускага разьбяра, які працаваў у паўночна-еўрапейскай манеры, дало такі ж эфект, як у выпадку галоўнага алтара катэдры ў Хэлмжы.

Алтар у Будславе з'яўляецца наватарскім не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Пасталітай. Толькі ў другой палове ХVІІ стагоддзя з'явіліся ў Польшчы алтары, у якіх уведзена ілюзорная перспектыва. Дасягалася гэта шэрагам калонаў, якія паступова памяншаліся, каб надаць спецыяльнае афармленне і зрабіць манументальнымі невялікія па памерах разьбяныя альбо маляваныя творы культу. Выдатнымі прыкладамі гэтага з'яўляюцца: алтар у капліцы касцёла дамініканцаў у Гідлах (1651), бакавы алтар у касцёле кармелітаў босых у Чэрнай (1657 альбо 1688) і галоўны алтар у касцёле кларысак ў Гродзіску каля Скалы (1670-1690), які генетычна паходзіць ад Scala Regia Берніні. Будслаўскі алтар цікава ўзбагачае наша ўяўленне аб раннебарочным мастацтве на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

БОЧНЫЯ АЛТАРЫ БУДСЛАЎСКАЙ БАЗЫЛІКІ

Алтар св. Казiмiра, размешчаны на паўднёвай сцяне побач з алтаром св. Ганны, паказвае аб'ёмны порцiк з тройкамi калонаў па баках, завершаны шматпрофiльным гзымсам i картушам, якi ахоплiвае аконны праём. Алтарная карцiна вылучаецца добрым малюнкам i сакавiтым каларытам.

Алтар св. Юзафа (размешчаны насупраць, на паўночнай сцяне, побач з алтаром св. Антонiя) мае такi ж выгляд.

Алтар Укрыжавання Алтар св. Францішка Алтар св. Сям'і

Алтар Укрыжаванага Езуса, намаляваны на паўночнай сцяне трансепта, паказвае архiтэктурны перспектыўны алтар накшталт эдыкулы-каплiцы з парамi калонаў на флангах. У цэнтры намаляваны Укрыжаваны Езус; каля падножжа Крыжа - Марыя Магдалена; памiж калонамi - «скульптурныя» фiгуры Марыi i Марыі Егіпецкай(?). Алтар завяршаецца разарваным паўцыркульным франтонам з воблачнай глёрыяй, у прарыве якой намалявана палаючае сэрца з крыжам - адзін з сiмвалаў францішканскага (i бернардынскага) ордэна.

Алтар св. Казіміра
Алтар св. Юзафа
Насупраць алтара Езуса, на паўднёвай сцяне трансепта, - алтар св. Францішка Асiзскага. У аналагiчным архiтэктурным абрамленнi ў цэнтры паказаны св. Францішак у момант завяршэння зямнога жыцця. Ён сядзiць за сталом перад раскрытай кнігай. На руках - стыгматы, позiрк звернуты да неба, дзе анёл з музычным iнструментам пяе хвалу заснавальнiку ордэна мiнарытаў (ад якога адгалінавалiся бернардзінцы). Воддаль прысеў манах у карычневым габіце (магчыма, Антоні з Падуі). Гэтая найбольш развiтая ў кампазiцыйным сэнсе сцэна, выкананая ў тонкiм халаднаватым каларыце, сведчыць пра бясспрэчны талент мастака-манументалiста. Дасканала, праз узаемадзеянне святла і ценю, абмалявана архітэктурная структура. Паміж бакавымі калонамі роспісам імітаваны скульптуры св. Банавентуры, першага біёграфа Францішка Асізскага, і невядомага святога біскупа з посахам і кнігай.

Алтары св. Юды Тадэвуша i св. Барбары намаляваныя адпаведна на паўночнай i паўднёвай сценах каля арганных хораў (палатно, алей, 210 x 115 cм).

Выкарыстаны матэрыялы з артыкулу
Аляксандра Ярашэвіча
Роспісы Будслаўскага касцёла// Наша вера. 2001 №16, 2.
Фота М. Мельнікава

Пачатак старонкі

Copyright (c) 2001 - «Pro Christo»

Rating All.BY Белорусский каталог BelResource