Home
Home Home

Паважаныя наведвальнікі!

Вітаем вас на сайце Нацыянальнага Санктуарыя Маці Божай у Будславе. Будслаўская святыня - месца асаблівай пашаны Маці Божай, бо ў сэрцы касцёла, у яго галоўным алтары - цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай, Апякункі нашага краю.

За сваю доўгую гісторыю касцёл разам з верным людам перажыў шмат ліхога, але выстаяў, захаваў Боскую веліч і годнасць. І ў гэтым, хіба, найвялікшы цуд Маці Божай Будслаўскай.

У часе апошняй вайны тройчы тут праходзіў фронт, але ніводная бомба не ўпала на мястэчка. Людзі ўсяго наваколля - каталікі, праваслаўныя, іудзеі - знаходзілі ў Будславе прытулак і сховань. Не ўдаліся таксама і спробы сталіністаў-нкусаўцаў узарваць святыню. А замах мясцовага сельсаветчыка на цудоўны абраз Маці Божай закончыўся для бязбожніка вар'яцтвам і хуткаю гвалтоўнаю смерцю.

Ва ўсе, нават змрочныя часы агалцелага атэізму, касцёл прымаў у сваё святое ўлонне верны люд, дапамагаў захаваць каталіцкую веру і чалавечнасць, проста выжыць.

Наўрад ці хто сёння скажа дакладна, калі ў надзеі на Божую ласку, прыйшлі сюды першыя пілігрымы. Гісторыя сведчыць, што цудоўнае аб'яўленне Маці Божай айцам-бернардынам адбылося на гэтым месцы яшчэ ў 1588 г. Хіба з таго часу і распачаліся першыя пілігрымкі. Мясцовыя старажылы апавядаюць, што «і за царом, і за Польшчаю, і за саветамі» 1 і 2 ліпеня ішлі да Маці Божай пілігрымы з усіх куткоў Беларусі і з-за яе межаў (з Варшавы і з Вільні)… Нарэшце, у 1992 г. упершыню за столькі часу пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай была афіцыйна дазволена. І цяпер кожны год адкрыта, не хаваючыся, прыходзяць дзесяткі тысяч вернікаў нашай Беларусі ў Будслаў да сваёй Маці.

А на гэтых старонках вы зможаце глыбей пазнаёміцца з гісторыяй абраза і святыні, дакрануцца да духоўнага багацця санктуарыя, а таксама знойдзеце сведчанні людзей, якія атрымалі ад Маці Божай патрэбныя ім ласкі.

Запрашаем Вас наведаць гэты санктуарый, каб дакрануцца да жывой гісторыі, ўбачыць прыгажосць і веліч святыні, а таксама цудоўны абраз сваімі вачыма.

Пачатак старонкі

Copyright (c) 2001 - «Pro Christo»

Rating All.BY Белорусский каталог BelResource